
Вывучаючы архіўныя дакументы Лідскага піваварнага завода за перыяд з ліпеня 1944 па 1955 год, мы атрымліваем унікальную магчымасць прасачыць, як са стану татальнай разрухі, пакінутай Вялікай Айчыннай вайной, нараджалася новая вытворчасць. Гэта гісторыя не толькі пра піва і ліманад, але і пра чалавечую ўпартасць, інжынерную думку і штодзённы гераізм працаўнікоў Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.
1968 год
1944: анатомія разрухі і першы подых жыцця
Лета 1944 года. Беларусь вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыі. 18 ліпеня 1944 года – гэта дата стала кропкай адліку новага жыцця для Лідскага піўзавода. У тлумачальнай запісцы да гадавой справаздачы за 1944 год стан завода ахарактарызаваны адным ёмістым словам – «хаосны». «Уся тэрыторыя завода і цэхі были засмечаны і захламлены», – канстатуе галоўны бухгалтар т. Дзешава. Склады, якія з’яўляліся асновай любой вытворчасці, аказаліся разрабаваныя. На іх не было ні збожжа, ні соладу, ніводнай транспартнай бочкі. Здавалася, прадпрыемства перастала існаваць як вытворчая адзінка. Аднак архіўныя радкі сведчаць пра тое, што нават у гэтым хаосе были рэшткі былой вытворчай моцы. Адзіным «капіталам» завода аказаліся запасы, што засталіся ў падвалах: лагернае піва, каля 5 тон вуглякіслага газу, 2,5 тоны хмелю і больш за 120 тысяч шкляных бутэлек. Менавіта гэтыя рэшткі сталі выратавальнымі. Заводаўпраўленне ўзялося за расчыстку тэрыторыі і навядзенне парадку ў цэхах. Ужо ў першыя тыдні пасля вызвалення завод прыступіў да водпуску піва вайсковым часцям, якія праходзілі праз Ліду. Гэта была суровая неабходнасць і пытанне выжывання прадпрыемства.
Сапраўдная вытворчасць стала магчымай толькі ў верасні 1944 года, калі з Гродзенскага піўзавода паступіла першая партыя соладу – каля 9 тон. Менавіта гэтую дату варта лічыць кропкай адліку прамысловага адраджэння. 4 верасня завод зварыў першую пасля акупацыі партыю піва. Аднак праблемы з сыравінай не зніклі: ячмень, які паступіў у верасні ад дробных дзяржпаставак, быў «вельмі дрэннай якасці». Нягледзячы на гэта, 6 кастрычніка прадпрыемства запусціла першую замочку ячменю для выпрацоўкі ўласнага соладу.
Характэрна, што ў 1944 годзе завод уяўляў сабой шматцэхавую гаспадарку. Побач з піўным цэхам існавалі лесапільны і ліманадны. Аднак апошні амаль не працаваў з-за адсутнасці эсэнцый і матэрыялаў. Лесапільны цэх таксама прастойваў з-за недахопу драўніны. Да таго ж энергетычныя магутнасці прадпрыемства не дазвалялі загрузіць усе цэхі адначасова.
1945–1947 гады: барацьба за выжыванне ва ўмовах татальнага дэфіцыту
1945 год адзначыўся вяртаннем да мірнага жыцця, але архіўныя дакументы сведчаць – лёгка не было. Дырэктар завода С.Ф. Пішчыкаў у тлумачальнай запісцы да гадавой справаздачы за 1945 год канстатуе востры кадравы голад. На працягу года на заводзе не было галоўнага інжынера, доўга не было галоўнага механіка, півавара і бухгалтара. Бухгалтараў навучалі «практычна на заводзе». Нягледзячы на недахоп кадраў, вытворчасць развівалася. Завод выпускаў знакамітае «Жыгулёўскае» піва ў бочках і бутэльках, а таксама лінейку безалкагольных напояў.
Эканоміка прадпрыемства трашчала па швах. Сабекошт бочкавага «Жыгулёўскага» ў 1946 годзе склаў 77,90 руб. пры плане 62,65 руб.
Рабочых накіроўвалі на лесанарыхтоўкі з-за недахопу паліва, не хапала зваротнай тары і лёду для захоўвання піва. Тэхнічны стан абсталявання выклікаў трывогу: зношанасць патрабавала капітальных рамонтаў, але нават прафікалтычны догляд быў немагчымы з-за адсутнасці матэрыялаў. Падача соладу заставалася немеханізаванай, а водазабеспячэнне – недастатковым, што негатыўна адбівалася на санітарным стане цэхаў.
У 1947 годзе (у перыяд дырэктарства тав. Каланіцкага) сітуацыя дасягнула крытычнага пункту. Загад па Беларускім трэсце брадзільнай прамысловасці ад 14 жніўня 1947 года гучыць як строгая вымова: завод выканаў заданне па выпуска бутэлькавага піва толькі на 10,6%. Выяўлены грубыя парушэнні тэхналогіі: завод варыў солад з неачышчанага і несартаванага ячменю, што непазбежна вяло да браку. Заводу было загадана правесці якасны рамонт саладзільняў і ўстанавіць строгі кантроль за рэжымам.
1948–1951 гады: ад латання дзірак да маштабнага аднаўлення і годнай якасці
Пераломным момантам стаў 1948 год. Завод пачынае выходзіць са штопару. Вытворчая магутнасць павялічваецца да 42 000 гтл піва. 20 мая 1948 года дырэктарам зацвярджаецца маштабны рамонт. Архіўны дакумент пералічвае каласальны аб’ём работ. У 1948 годзе актыўна закупляецца маёмасць: дзямы дом для работнікаў, цэнтральная помпа, мікраскоп для лабараторыі, вазы і інвентар.
Да 1950 года завод не толькі аднаўляе аб’ёмы, але і пачынае рабіць стаўку на якасць. Дырэктар тав. Машынскі атрымлівае задачу адкрываць фірменныя магазіны (у прыватнасці, у Маладзечне). План 1950 года выконваецца на 90,9%.
Пяцідзясятыя гады сталі для Лідскага піўзавода часам тэрытарыяльнага росту і доўгачаканага прызнання. У красавіку 1951 года рашэннем гарвыканкама заводу адводзіцца зямельны ўчастак плошчай 9235 кв. м па вуліцы Савецкай для будаўніцтва новых вытворчых памяшканняў. А ў лістападзе 1954 года дадаецца яшчэ 0,6 га пад цэх безалкагольных напояў, пашырэнне гаража і механічнай майстэрні.
Поспехам стало прызнанне на рэспубліканскім узроўні. У першым квартале 1951 года брыгада саладовеннага цэха пад кіраўніцтвам тав. Мая І.П. была прызнана пераможцам у сацспаборніцтве і ўдастоена звання «Брыгада выдатнай якасці Міністэрства харчовай прамысловасці БССР».
Значная ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў. У 1951 годзе новым прафесіям было навучана 25 чалавек: варшчыкі, брадзільшчыкі, качагары, машыністы халадзільных установак, саладзільшчыкі, бондары, фільтравальшчыкі. Завод мэтанакіравана выхоўваў уласных спецыялістаў.
1953–1954 гады: рацыяналізатары і сацыяльныя гарантыі
Сярэдзіна 1950-х гадоў – гэта час, калі на першы план выходзіць не проста выжыванне, а паляпшэнне ўмоў працы і аптымізацыя працэсаў. Праверка якасці ў лютым 1953 года фіксуе: піва адпавядае дзяржаўнаму стандарту.
Асаблівую цікавасць уяўляе «Калектыўны дагавор