18 сент. 2026 г. | 14:11

Іх пакліканне – берагчы лес

image

Напярэдадні Дня работнікаў лесу карэспандэнты “ПН” завіталі ў Колкаўскае лясніцтва. Гэта месца асаблівае: тут працуе сямейная дынастыя Пінчукоў, для якіх лес – не проста праца, а сапраўднае багацце і справа ўсяго жыцця.

Колкаўскае лясніцтва – адно з буйнейшых у Петрыкаўскім лясгасе. Яго плошча складае 1057 гектараў, па гэтым паказчыку яно саступае толькі Петрыкаўскаму лясніцтву. Менавіта тут, сярод векавых соснаў і бярозавых гаёў, нясуць службу Уладзімір і Ягор Пінчукі. Уладзімір Мікалаевіч, жыхар гарадскога пасёлка Капаткевічы, у лясной галіне ўжо больш за 30 гадоў. Пачынаў лесарубам у Сякерыцкім лясніцтве, пазней был лесніком, майстром лесу, а вось ужо 10 гадоў займае пасаду ляснічага. За гэты час ён стаў сапраўдным гаспадаром сваёй тэрыторыі – чалавекам, які ведае тут кожную сцяжынку, кожнае дрэва. Праца ляснічага – гэта не толькі ахова лесу ад самавольных высечак і пажараў. Гэта складаная і шматгранная дзейнасць: арганізацыя лесаўпарадкавання, кантроль за санітарным станам насаджэнняў, планаванне лесасек, забеспячэнне аднаўлення высечак, правядзенне просек і супрацьпажарных мерапрыемстваў. Ляснічы адказвае за тое, каб кожнае дрэва, якое ідзе на патрэбы чалавека, было кампенсавана новымі пасадкамі. Ён – і гаспадар, і абаронца, і эколаг у адной асобе.

– Лес – гэта не проста дрэвы, –распавядае ляснічы. – Гэта жывы арганізм, які патрабуе пастаяннай увагі і клопату. Калі ты тут працуеш не па закліку сэрца, а проста таму што трэба, – нічога не атрымаецца. Трэба любіць родную зямлю,разумець яе. Я шчаслівы, што мой сын гэта адчуў. Любоў да лесу Уладзімір Мікалаевіч перадаў сыну з дзяцінства. Яшчэ хлопчыкам Ягор хадзіў з бацькам у лес, вучыўся адрозніваць пароды дрэў, разумець паводзіны звяроў і птушак. Гэтыя дзіцячыя ўражанні перараслі ў свядомы выбар жыццёвага шляху. Ягор Уладзіміравіч – малады спецыяліст. Скончыўшы Гомельскі політэхнічны каледж па спецыяльнасці “тэхнолаг”, у лютым 2025 года вярнуўся на малую радзіму, каб працаваць побач з бацькам. Сёння ў яго абавязкі ўваходзіць: удзел у лесаўпарадкаванні, дапамогу ў арганізації лесагаспадарчых мерапрыемстваў, кантроль за выкананнем правілаў нарыхтоўкі драўніны, работа з дакументацыяй, а таксама непасрэдны ўдзел у ахове лясных масіваў ад пажараў і браканьерства.

– Бацька навучыў мяне галоўнаму: лес – гэта наша багацце, і яго трэба не проста выкарыстоўваць, а прымнажаць. Я хачу, каб мае дзеці і ўнукі таксама маглі прыйсці сюды і ўбачыць гэтую прыгажосць. Працаваць у родных мясцінах – гэта вялікая адказнасць, але і вялікі гонар, – дзеліцца малады спецыяліст. – Я вырас у гэтых мясцінах, і мне балюча бачыць, калі нехта ставіцца да лесу спажывецку, – распавядае Ягор Уладзіміравіч. Кіраўніцтва Петрыкаўскага лясгаса адзначае, што сямейныя дынастыі – гэта асаблівы гонар для галіны. Калі бацька перадае сыну не проста веды, а любоў і адказнасць за сваю справу, – гэта самая надзейная аснова для будучыні лясной гаспадаркі. Напярэдадні прафесійнага свята жадаем усім, хто звязаў свой лёс з гэтай няпростай, але такой важнай прафесіяй, моцнага здароўя, спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай лес заўсёды адказвае вам тым жа – шчодрасцю, прыгажосцю і жыццёвай сілай.

Источник: petrikov.by

Join our Newsletter