
Для кагосьці жніво – гэта проста гарачая пара і цяжкая праца, а для маладога кіроўцы камбайна КЗС-1218 Артура Адася з СУП “Палессе-Аграінвест” – гэта сапраўднае прызванне і справа жыцця. Імя гэтага хлопца гучыць сярод лідараў маладзёжных экіпажаў сёлетняга жніва, і за гэтым поспехам стаіць цікавы жыццёвы шлях, шчырая любоў да зямлі і адданасць роднаму краю.
Артур – выпускнік першай гарадской школы. Атрымаўшы прафесію ў Калінкавіцкім ліцэі, хлопец размеркаваўся ў вядучае сельгаспрадпрыемства раёна. Першае працоўнае жніво прабегла хутка, а далей быў важны этап – служба ў войску.
Выканаўшы абавязак перад Радзімай, Артур ні на хвіліну не сумняваўся, куды ісці далей: дэмабілізаваўся і адразу вярнуўся на роднае прадпрыемства. Спачатку набіраўся вопыту ў якасці памочніка камбайнера, убіраў у сябе кожную дэталь і тонкасць справы. І вось ужо другі год ён сам – паўнавартасны і ўпэўнены ўладар магутнага хлебнага карабля “Палессе”.
Што ж дазваляе маладому хлопцу дасягаць таких высокіх вынікаў і абыходзіць вопытных калег? Адказ просты – асаблівае пачуццё да зямлі і сваёй справы. Як распавёў наш суразмоўца, любоў да роднай нівы яму з маленства прывіў дзядуля, які сам шмат гадоў паспяхова займаўся фермерствам. Менавіта ад яго Артур пераняў павагу да цяжкай сялянскай працы і захапленне магутнай тэхнікай. Хлапчуком яго заўсёды вабілі вялікія, моцныя машыны – тыя, што працуюць у полі і прыносяць сапраўдную карысць людзям.
Камбайн КЗС-1218 стаў здзяйсненнем гэтай дзіцячай мары. Пра свой агрэгат Артур гаворыць з асаблівай цеплынёй і павагай, адзначаючы яго высокі клас і называючы сапраўдным, надзейным памочнікам у полі.
Сімвалічна, што менавіта сёння, калі ў аграгарадку Навасёлкі адзначаецца маштабнае раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2026”, Артур Адась узнімецца на святочную сцэну. Разам з лепшымі хлебаробамі Петрыкаўшчыны малады камбайнер атрымае заслужаную ўзнагароду ад кіраўніцтва раёна за сваю плённую, шчырую і выніковую працу. Гэты ганаровы момант – выдатны старт для вялікага прафесійнага шляху. Пажадаем Артуру новых працоўных перамог і заўсёды шчодрага палетка