
Школьнікі Петрыкаўшчыны – лепшыя фінансісты сярод вясковых школ вобласці
У сучасным свеце, дзе лічбавыя тэхналогіі і банкаўскія сэрвісы імкліва развіваюцца, фінансавая граматнасць перастае быць проста карысным навыкам – яна становіцца жыццёвай неабходнасцю і гарантыяй упэўненасці ў заўтрашнім дні. Уменне планаваць бюджет, арыентавацца ў эканамічных працэсах і прымаць узважаныя рашэнні – менавіта той падмурак, які дапамагае сённяшняй моладзі стаць паспяховай. І асаблівы гонар перапаўняе, калі бачыш, што нашы юныя землякі валодаюць гэтымі ведамі на самых высокіх узроўнях.
Чарговым пацвярджэннем таму стаў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, які прайшоў 20 лістапада на базе эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Інтэлектуальнае спаборніцтва аб’яднало 74 наймацнейшых знаўцаў эканомікі з розных куткоў Гомельшчыны.
Гонар Петрыкаўскага раёна на абласным узроўні годна абаранялі дзесяцікласнік Брынёўскай сярэдняй школы Аляксей Барысаў, адзінаццацікласніца Конкавіцкай сярэдняй школы Ганна Васілец і вучань сярэдняй школы № 1 г. Петрыкава Сцяпан Белькавец.
Спаборніцтва было напружаным, а заданні патрабавалі не толькі глыбокіх тэарэтычных ведаў, але і ўмення лагічна разважаць. Нашы школьнікі бліскуча справіліся з выпрабаваннямі і ўвайшлі ў тройку лепшых удзельнікаў сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мястцовасці. Больш за тое, па колькасці набраных балаў нашы юныя землякі занялі дзве вышэйшыя прыступкі сярод прадстаўнікоў вясковых школ вобласці: першы вынік паказаў Аляксей Барысаў (педагог – Наталля Анатольеўна Аўрамец, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства), а другі – Ганна Васілец (педагог – Ірына Уладзіміраўна Моўка, настаўнік матэматыкі).
Такі поспех наглядна даказвае: якасць ведаў не залежыць ад таго, дзе знаходзіцца школа – у вялікім горадзе ці ў невялікім населеным пункце. Калі ёсць талент, мэтанакіраванасць дзяцей і прафесіяналізм педагогаў, вынік абавязкова будзе высокім. Заслужаным прызнаннем поспаху рабят сталі і спецыяльныя падарункі ад ААТ “Белаграпрамбанк”.
Вялікі дзякуй рабятам за іх стараннасць і волю да перамогі, а педагогам – за мудрае настаўніцтва і падтрымку.
Шчыра віншуем юных фінансістаў Петрыкаўшчыны! Жадаем не спыняцца на дасягнутым, працягваць упэўнена спасцігаць цікавы свет фінансаў і пакараць новыя інтэлектуальныя вяршыні.
Галіна КАЗАК