З гэтым выказваннем згодны юныя ўраджэнкі аграгарадка Вялікае Малешава
Ульяна Пыцель і Софія Галабародзька. Бо ў хуткім часе яны стануць прадстаўніцамі гэтай складанай, але такой
важнай галіны.
Софія з’яўляецца студэнткай другога курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а ў якасці спецыялізації выбрала дыягностыку. Плануе пасля заканчэння ўстановы працаваць у лабараторыі або стаць рэнтгенолагам. Дарэчы, медыцынскую сцежку Софія выбрала не выпадкова, бо менавіта па ёй шмат гадоў крочыла маці Алена, з’яўляючыся фельчарам паста хуткай дапамогі Альгомельскай бальніцы (зараз амбулаторыі).
– У маіх вачах маці з’яўлялася сапраўднай гераіняй, якая спяшалася на дапамогу пры любых абставінах, – кажа дзяўчына. – Памятаю, як з гонарам расказвала пра яе сваім сяброўкам. А зараз, калі сама акунулася ў гэтую прафесію, разумею – маё дзіцячае ўспрыманне было вельмі правільным. Самае цікавае, што я ніколі не раўнавала маці да работы. Разумела, што яе чакае хворы чалавек. Гэтае пачуццё адказнасці і гатоўнасці прыйсці на дапамогу выхоўвалася ў мяне з маленства. А яшчэ разуменне таго, што ў жыцці ўсе праблемы вырашальныя, акрамя здароўя, на варту якога і становіцца медыцынскі работнік. Можна сказаць, я выбірала ўжо знаёмую прафесію, таму гатова да ўсіх цяжкасцяў.
Дарэчы, старэйшая сястра Софіі – Дар’я – таксама стала ўрачом-рэнтгенолагам.
– Яна мне і параіла выбраць гэтую спецыяльнасць і вельмі падтрымала, асабліва ў пачатку навучання ў працэсе адаптацыі. Не ўтойваю, што было складана першы час, калі цябе быццам лавіна збівае з ног паток інфармацыі і заданняў. Сястра тлумачыла, што трэба пацярпець, не панікаваць, а засяродзіць сваю ўвагу на галоўных задачах. І праўда, зараз ужо намнога лягчэй, хоць наперадзе складаная сесія.
А вось яе стрыечная сястра Ульяна Пыцель у гэтым годзе стала навучэнкай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, у якім атрымлівае веды па спецыяльнасці «Сястрынская справа».
На пытанне, як прайшла трансфармацыя ад выпускніцы сельскай школы ў навучэнку сталічнага каледжа, Ульяна цвёрда адказвае:
– Без праблем! Вельмі хутка звыкла да гарадской мітусні. І зараз нават яе не заўважаю, проста рухаюся па сваіх справах. Мінск сустрэў мяне ветліва, так што нават не адчувала нейкага дыскамфорту. Атрымала выдатныя жылёвыя ўмовы, пашанцавала і з сяброўкамі па пакоі. Дарэчы, адна з іх таксама родам са Столінскага раёна. Мы разам пасля заняткаў ходзім на прагулкі, знаёмімся бліжэй з горадам. Пакуль наша любімае месца – Няміга.
Таксама Ульяна плануе запісацца ў спартыўную секцыю па баскетболе, якім займалася ў школе.
Прыемна было пагутарыць з дзяўчынамі, якія выбралі медыцынскі шлях і выдатна ведаюць, чаго хочуць ад жыцця.