09 окт. 2026 г. | 11:36

Похожие новости

image

Надышоў кастрычнік, а значыць, прыйшла пара галоўных восеньскіх кветак – хрызантэм. Фотаздымкі кветак розных колераў, гатункаў, памераў гэтых «прыгажунь» запаланілі сацыяльныя сеткі. Набыць іх магчыма і на кірмашах, якія зараз ладзяцца ў раёне. Можна ўбачыць вялікі асартымент хрызантэм нават на самага спакушанага пакупніка.

Займаецца іх вырошчваннем і Аляксандра Мамайка з аг. Альшаны, да якой завітала ў мінулую нядзелю.

– Вы крыху спазніліся, бо больш за палову ўжо купілі, – тлумачыць жанчына. – Толькі сярэднія і познія гатункі засталіся. Некаторыя ў лістападзе паўстануць у поўнай красе і будуць радаваць да першых сур’ёзных замаразкаў.

У час экскурсіі па сваім міні-гадавальніку Аляксандра пакрысе расказала, як у яе з’явілася жаданне займацца кветкамі:

– Два гады таму набыла некалькі шароў хрызантэм для ўпрыгажэння свайго двара. А потым падумала, чаму б іх не паспрабаваць развесці. Тым больш на агародзе вызвалілася месца, і я вырашыла замест бульбы пасадзіць хрызантэмы. Разводзіла чаранкамі. І яны з першага разу прыжыліся. Многа не саджаю, каб паспяваць асабіста даглядаць за імі. Нікому не давяраю гэтую справу, каб кветачкі не пакрыўдзіліся. Бо яны, як і людзі, таксама адчуваюць клопат і любоў. Паверце майму вопыту – калі ставіцца абыякава, расліны не будуць радаваць. Іх жа трэба своечасова ўдабраць, лячыць, абрэзваць, паліваць і гэтак далей. Усё строга па раскладзе і тэхналогіі.

Муж маёй суразмоўцы Васілій таксама ў курсе ўсіх нюансаў вырошчвання кветак. Праўда, яму ў спадчыну ад бацькоў перадаліся сакрэты «цюльпанавага» бізнэсу.

– Дарэчы, зусім хутка трэба будзе садзіць цыбуліны, так мовіць, пачынаць сезон, – далучыўся да нашай размовы мужчына. – Зараз многа канкурэнтаў, таму нельга марнаваць часу. Звычайна мы садзім 10 000 цыбулін, каб самастойна спраўляцца.

Васілій і Аляксандра разам 22 гады. А маглі б не сустрэцца ніколі, бо жылі ў розных краінах.

– Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Севастопалі, куды разом з бацькамі і братам пераехалі пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, – расказвае жанчына. – Там ужо жыла цётка маёй маці, якая і прапанавала прыехаць да яе. Вось і адправіліся ў далёкі шлях. У школу ўжо пайшла там, і даволі нядрэнна вучылася. А колькі ў мяне з’явілася сяброў! Дагэтуль з некаторымі трымаем сувязь. Тады, а гэта пачатак 2000-ых, штогод прыязджала ў Альшаны да бабулі. І, калі мне было 19 гадоў, пазнаёмілася з Васіліем – братам сваёй сяброўкі. Вось так, дзякуючы каханню, вярнулася на радзіму сваіх продкаў. Дарэчы, потым сюды вярнулася ўся сям’я. Вось якую сілу маюць карані роду.

У 2012 годзе сям’я Мамайкаў пабывала ў Севастопалі. Наведалі сяброў і знаёмых, Аляксандра зрабіла экскурсію для свайго мужа. Шкадуюць, што зараз няма такой магчымасці. А так з вялікім задавальненнем адправіліся б у вандроўку разам з дзецьмі Мікалаем і Наталляй.

– Спадзяёмся, што такая магчымасць яшчэ з’явіцца і пакажу им горад, дзе прайшло маё юнацтва, – кажа Аляксандра. – Гэта неверагоднай прыгажосці месца – горы і мора, вакол столькі цікавых гістарычных месцаў. Але толькі Альшаны лічу сваёй радзімай, якую хачу рабіць прыгажэйшай і квітнеючай.

Источник: polese.by

Join our Newsletter