13 нояб. 2026 г. | 14:40

Поле кліча маладых

image

12 лістапада ў раённым Доме культуры сабраліся людзі, для якіх праца ад світання да заходу – звыклая справа, а адказнасць за ўраджай – не проста словы. Кожнаму з іх былі адрасаваны словы падзякі за шчырую працу. Сярод узнагароджаных – герой аповеду, малады механізатар ААТ “Чалюшчавічы” Дзмітрый Герасіменка.

Дзмітрый Герасіменка – малады механізатар ААТ “Чалюшчавічы”, жыхар гарадскога пасёлка Капаткевічы. У гаспадарцы зямляк працуе толькі год, а да гэтага амаль дзесяць гадоў працы прысвяціў лясной галіне. – Люблю вёску. Даспадобы яе цішыня і спакой, – дзеліцца суразмоўца. – Не прымаю гарадской мітусні. З дзяцінства ведаў, што маё месца і прызванне тут, у Капаткевічах.

Свой першы вопыт хлебароба хлопец набываў яшчэ школьнікам: у 10-11 классах працаваў памочнікам камбайнера. Праз гады любоў да працы на зямлі перамагла, і Дзмітрый вярнуўся ў родную гаспадарку. – Яшчэ падлеткам, седзячы ў кабіне камбайна побач з вопытнымі механізатарамі, я разумеў: гэта мая справа. Зямля патрабуе ўвагі і сумленнасці. Калі бачыш, як збожжа сыплецца ў бункер, адчуваеш, што твая праца не марная. Сёлета ўпершыню ўзяў тысячу тон – і гэта толькі пачатак, ёсць да чаго імкнуцца, – распавядае хлебароб.

Зараз Дзмітрый задзейнічаны на ўборцы кукурузы. Хлопец працуе і на амкадоры, і на камбайне – ён адказны работнік, які заўсёды імкнецца пераняць вопыт у старэйшага пакалення і прыкласці ўсе свае сілы дзеля выніку на карысць прадпрыемства. – За невялікі час працы ў ААТ “Чалюшчавічы”, Дзмітрый паспеў заваяваць павагу і давер ўсяго калектыву. Аграрый не баіцца ні цяжкай працы, ні складанай тэхнікі. Я ўпэнены, такія работнікі – гэта будучыня сельскай гаспадаркі раёна, – адзначыў падчас гутаркі дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Ракіцкі.

У руках механізатара спорыцца любая справа, а вынікі, безумоўна цешаць. І ўсё гэта дзякуючы любові да сельскай працы, веданню тэхнікі, уменню адказна і з душой выконваць любую працу. Сёлета маладому працаўніку на святочнай урачыстасці была аб’яўлена падзяка ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – за сумленную працу, годны прыклад для маладога пакалення аграрыяў. Мы далучаемся да шчырых віншаванняў. Жадаем усім маладым спецыялістам аграрыям моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і новых працоўных вяршынь!

Источник: petrikov.by

Join our Newsletter