28 сент. 2026 г. | 17:13

Нумарны фонд беларускіх санаторыяў плануюць павялічыць на 30%

image

Нумарны фонд беларускіх санаторыяў плануюць павялічыць. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзяніс Бяжок, перадае БелТА.

«У планах павялічыць нумарны фонд на 30%, бо ў санаторыяў патэнцыял вялізны. Санаторыі ў нас ёсць ад 200-300 нумароў да 500-600 у адным прадпрыемстве. І мы кажам, што калі загрузка ідзе каля 100%, значыць, яго дазагрузіць яшчэ элементарна», — сказаў Дзяніс Бяжок.

Паводле яго слоў, у інвестыцыях у беларускія санаторыі можа паўдзельнічаць і расійскі бізнес. «Мы больш разглядаем варыянты паўнацэнных інвестыцыйных лотаў. У нас ёсць шэраг зямельных участкаў, дзе мяркуецца будаўніцтва новых аб’ектаў. Там мы шукаем інвестара, і ўжо ёсць шэраг напрацовак і прапрацовак, і дамоўленасці на перспектыву», — адзначыў намеснік дырэктара. Ён удакладніў, што такіх участкаў больш за 10, у прыватнасці ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, у тым ліку на Браслаўскіх азёрах.

Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі пры садзейнічанні Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі і расійскай Асацыяцыі аздараўленчага турызму і карпаратыўнага здароўя выступіла арганізатарам міжнароднай практычнай канферэнцыі Клуба лідараў аздараўленчага турызму, якая адбылася ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Праграма канферэнцыі сфакусіравана на абмеркаванні стратэгічных напрамкаў развіцця санаторна-курортнай галіны абедзвюх краін. У цэнтры ўвагі — пытанні эфектыўнага менеджменту, укаранення перадавых медыцынскіх тэхналогій, маркетынгу, продажаў і лічбавага прасоўвання аздараўленчых паслуг.

Дзяніс Бяжок

| санаторыі

| нумарны фонд

Источник: zviazda.by

Join our Newsletter