28 сент. 2026 г. | 16:03

Новы адрас – новае жыццё

image

Пошук сваёй справы жыцця – пытанне адказнае. І тут вельмі дарэчы будзе ведаць, што ў нашай краіне дзейнічае эфектыўная дзяржаўная праграма, здольная падтрымаць тых, хто вырашыў змяніць месца жыхарства дзеля новай працы. Гэтая ініцыятыва дапамагае беспрацоўным грамадзянам пераехаць туды, дзе іх чакаюць не проста вакансіі, але і гарантаванае жыллё, а дзяржава пры гэтым аказвае адчувальную фінансавую падтрымку. Пра тое, як працуе гэты механізм, каму ён даступны і якія бонусы чакаюць перасяленцаў, мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганнай КАРОЛЬ.

– Тэма прафесійнай мабільнасці і магчымасці працаўладкавання з пераездам заўсёды выклікае цікавасць. Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць гэтай дзяржаўнай праграмы і на каго яна скіравана ў першую чаргу? – Сапраўды, тэма вельмі жывая. Жыццё не стаіць на месцы, і жаданне чалавека развівацца, шукаць новыя гарызонты – гэта выдатна. Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва як раз і створана для таго, каб дапамагчы людзям у такі момант. Яна дазваляе звязаць інтарэсы чалавека, які шукае працу з магчымасцю пераезду, і прадпрыемстваў у іншых кутках краіны, якім патрэбны канкрэтныя спецыялісты і якія гатовы прапанаваць ім добрыя ўмовы. Гэта выдатны сумесны праект: чалавек атрымлівае гарантаванае працоўнае месца, заробак і дах над галавой, а рэгіёны – патрэбныя кадры для развіцця. – Хто менавіта можа скарыстацца гэтай праграмай? Якія галоўныя ўмовы трэба выканаць грамадзяніну? – Самая галоўная і абавязковая ўмова – чалавек павінен быць афіцыйна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы свайго жыхарства. Калі грамадзянін стаіць на ўліку і не можа знайсці прыдатную працу па месцы жыхарства, альбо ў яго ёсць жаданне кардынальна змяніць абстаноўку, мы прапануем варыянт пераезду. Калі пераязджае сям’я, дзе муж і жонка беспрацоўныя, праца падбіраецца для абодвух і дапамога аказваецца абодвум. – Жыллё – гэта самае балючае пытанне для кожнага. Якое менавіта жыллё прапануецца перасяленцам і на якіх умовах? – Гэта адзін з самых прывабных пунктаў праграмы. Варыянты працы прапануюцца толькі ад тых арганізацый і прадпрыемстваў, якія гатовы даць жыллё. Часцей за ўсё гэта прапановы ў сельскай мясцовасці – у аграгарадках і пасёлках, дзе вельмі патрэбны спецыялісты. У залежнасці ад рэгіёна і канкрэтнага прадпрыемства (напрыклад, буйнога аграхолдынга ці лясгаса) гэта можа быць альбо асобны добраўпарадкаваны дом сядзібнага тыпу, альбо кватэра, альбо пакой у інтэрнаце гасцінічнага тыпу. Умовы пражывання і статус жылля (арэнднае, ведамаснае) абмяркоўваюцца яшчэ да пераезду, усё празрыста. – Якія прафесіі сёння найбольш запатрабаваныя па гэтай праграме? Каго чакаюць у іншых раёнах і абласцях? – Спектр шырокі, але найбольшы попыт, канешне, у аграрным сектары, сацыяльнай сферы і вытворчасці. Вельмі чакаюць спецыялістаў у сельскую гаспадарку: трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення, ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў, аграномаў, інжынераў. Таксама стабільны попыт на медыцынскіх работнікаў, педагогаў і будаўнікоў. – Раскажыце пра фінансавы бок. Якую матэрыяльную дапамогу выдзяляе дзяржава на пераезд? Ці трэба потым вяртаць гэтыя грошы? – Падобная матэрыяльная дапамога аказваецца грамадзяніну толькі адзін раз у жыцці – у краіне строга вядзецца база дадзеных такіх сем’яў. Адносіны паміж дзяржавай, работнікам і работадаўцам замацоўваюцца афіцыйнай трохбаковай дамовай. Прымаючы фінансавую дапамогу, перасяленец бярэ на сябе абавязацельства адпрацаваць у наймальніка не менш як 1 год. Калі грамадзянін вырашыць звольніцца раней за гэты тэрмін без уважлівых прычын, усю суму атрыманых “пад’ёмных” давядзецца вярнуць дзяржаве ў поўным аб’ёме. Такія ж жорсткія санкцыі чакаюць і наймальніка, калі ён парушыць умовы дамовы ці звольніць супрацоўніка незаконна. Дзяржава выдзяляе фінансавую дапамогу ў памеры сямікратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі ж беспрацоўны пераязджае з гораду ў сельскую мясцовасць, то памер дапамогі павялічваецца да дзевяці БПМ. З 1 жніўня памер гэтай выплаты складае 4773,33 рублі. Гэтыя грошы ідуць на ўладкаванне на новым месцы. – З чаго пачаць чалавеку, які прачытае наша інтэрв’ю і вырашыць: “Гэта мой шанец”? Які алгарытм дзеянняў? – Крок першы і самы галоўны – прыйсці ва ўпраўленне па працы і занятасці райвыканкама і стаць на ўлік у якасці беспрацоўнага, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі. Крок другі – заявіць спецыялісту пра жаданне пераехаць. Мы разам адкрыем агульнарэспубліканскі банк вакансій і знойдзем тыя месцы, дзе патрабуецца ваша прафесія і дзе гатовы даць жыллё. Крок трэці – мы звязваемся з працадаўцам. Калі ўсё задавальняе, заключаецца трохбаковы дагавор (паміж беспрацоўным, нашым упраўленнем і працадаўцам), выдзяляюцца грошы – і чалавек едзе на новае месца працы. Пераезд у іншую мясцовасць – крок адказны, але статыстыка паказвае, што кожны год сотні беларускіх сем’яў паспяхова выкарыстоўваюць гэты шанц, знаходзячы не проста стабільны даход, але і ўласны ўтульны дом. Падрабязную інфармацыю аб садзейнічанні ў перасяленні ў сувязі з пераездам на працу ў іншую мясцовасць можна атрымаць у кабінеце №16 упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гогаля, 1, ці па нумарах тэлефона: 43040, 43044.

Источник: petrikov.by

Join our Newsletter