Дэлегацыя Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая ацаніла дынаміку развіцця і навінкі завода СЗАТ «БЕЛДЖЫ», перадае БелТА.
Візіт праходзіць па запрашэнні і ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Дэлегацыю ўзначальвае член Пастаяннага камітэта, старшыня Камітэта па эканамічных пытаннях Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Ван Гашэн.
Дырэктар СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Генадзь Свідзерскі нагадаў, што прадпрыемства з’яўляецца сумеснай беларуска-кітайскай вытворчасцю, якая ў гэтым годзе адзначыць 15 гадоў з дня стварэння. «Праект паспяхова вытрымаў выпрабаванні пандэміяй і санкцыйным націскам і прадаўжае дынамічна развівацца, выступаючы яркім сімвалам усепагоднай дружбы Беларусі і Кітая», — падкрэсліў ён.
На думку Генадзя Свідзерскага, візіт дэлегацыі сімвалізуе значнасць праекта для Беларусі, але і вялікае значэнне яму надаюць кітайскія калегі. «Завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2017 годзе. За гэты час прадпрыемства пастаянна мадэрнізавалася, з’яўляліся новыя мадэлі, пашыраліся аб’ёмы вытворчасці. Магу сказаць, што за гэты перыяд рэалізавана ўжо больш за 400 тыс. аўтамабіляў», — падкрэсліў дырэктар.
Генадзь Свідзерскі растлумачыў, што галоўная мэта візіту замежных партнёраў — азнаёміцца з рэальнай дынамікай росту і развіцця флагмана беларускага легкавога аўтапрама.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік адзначыў, што Беларусь і Кітай развіваюць супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях, і візіт дэлегацыі Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая мае асаблівае значэнне.
Ён адзначыў, што ў час ужо праведзеных сустрэч бакі падрабязна абмеркавалі развіццё інстытутаў народаўладдзя абедзвюх краін, умацаванне палітычнага, сацыяльна-гуманітарнага і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Пры гэтым ключавым прыярытэтам двухбаковага парадку дня застаються гандлёва-эканамічныя сувязі, інвестыцыі і прамыслова-тэхналагічная кааперацыя.
«Мы сапраўды істотна рушылі наперад у развіцці гэтых напрамкаў. У нас дзейнічае сумесная стратэгія прамысловага развіцця Беларусі і Кітая, створаны профільны камітэт, а 2026-2027 гады аб’яўлены Гадамі прамысловай кааперацыі дзвюх краін. Прадпрыемства „БЕЛДЖЫ“ з’яўляецца адным з яркіх прыкладаў прамысловага спалучэння Беларусі і Кітая. Гэта вельмі паспяховае прадпрыемства: у наступным годзе споўніцца 10 гадоў з моманту запуску вытворчасці аўтамабіляў на пляцоўцы. Сімвалічна, што ў наступным годзе мы будзем адзначаць і 35-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем», — падкрэсліў Сяргей Алейнік.
Ён канстатаваў, што беларуска-кітайскія адносіны сёння знаходзяцца на піку свайго развіцця, а трывалы фундамент ім задаюць рэгулярныя сустрэчы лідараў дзвюх дзяржаў. Паводле слоў Сяргея Алейніка, візіт дэлегацыі дасць магчымасць умацаваць адносіны як на вышэйшым палітычным узроўні, так і ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
У рамках праграмы візіту гасцям прадставілі ключавыя тэхналагічныя навінкі і перспектыўныя пляцоўкі. У прыватнасці, размова ідзе аб маштабным праекце па стварэнні рабатызаванай штамповачнай вытворчасці. Будаўнічыя работы на аб’екце ўжо вядуцца. Увесці магутнасці ў эксплуатацыю плануецца ў 2027 годзе.
Акрамя таго, кітайскаму боку прадэманстравалі вынікі мінулагодняй мадэрнізацыі, якая дазволіла ў два разы нарасціць магутнасці цэхаў зваркі і афарбоўкі, уключаючы задзейнічанне дадатковых зварачных роботаў. Замежнай дэлегацыі таксама прэзентавалі ўсю сучасную лінейку выпускаемай прадукцыі — як аўтамабілі маркі Geely, так і мадэлі пад уласным айчынным брэндам «БЕЛДЖЫ».