
У апошнюю пятніцу месяца згадваем вядомыя беларускія брэнды. Сёння — пра GEFEST, вядучага вытворцу сучаснай кухоннай бытавой тэхнікі. Дарэчы, сёлета прадпрыемства адзначае 75 год.
Гісторыя яго пачалася ў 1951 годзе з рамонтна-механічнага завода ў Брэсце. Цэхі размяшчаліся ў двух будынках, а персаналу было 59 чалавек. Першая партыя газавых пліт выпушчана ў 1958-м, а к 1975 году прадпрыемства стала адным з вядучых у СССР па вытворчасці бытавой газавай апаратуры і забяспечвала бытавымі прыборамі ўвесь Савецкі Саюз.
Таварная марка GEFEST зарэгістравана ў 1997 годзе. Назва адсылае да старажытнагрэчаскага бога-каваля Гефеста і адлюстроўвае галоўныя якасці прадукцыі: трываласць, надзейнасць і прыдатнасць для штодзённага карыстання.
Сёння ў склад групы кампаній GEFEST уваходзяць галаўное прадпрыемства СП ААТ “Брэстгазаапарат”, унітарныя прадпрыемствы “Гефест-тэхніка” і “Гефест-Кварц”.
Асноўныя напрамкі дзейнасці — вытворчасць газавых, газаэлектрычных, электрычных пліт, убудаванай тэхнікі, мікрахвалёвак, паветраачышчальнікаў і інш. Напрыклад, толькі стацыянарных пліт штогод выпускаецца 900 тысяч.