
Свята работнікаў аграрнай галіны – гэта не проста чарговая дата ў календары, а шчырая нагода выказаць глыбокую ўдзячнасць усім, хто штодзённа, нястомна шчыруе на зямлі.
Петрыкаўшчына па праву можа ганарыцца сваімі аграрыямі. Іх праца – гэта доказ нашай упэўненасці ў заўтрашні дні.Сярод тых, хто заслужыў прызнанне і ўзнагароду па выніках штогадовага раённага спаборніцтва ў аграпрамысловым комплексе – жывёлавод па абслугоўванні цялят МТФ “Турок” УП “Палессе-Аграінвест” Аляксандр Жукавец.Наша сустрэча з перадавіком адбылася непасрэдна на вытворчасці, дзе мужчына нястомна працаваў, папаўняючы кармавыя сталы свежым кормам.– У мяне пад наглядам больш за 300 галоў. Гэта цяляты ва ўзросце ад 6-ці да 12-ці месяцаў і старэйшыя. Кожны з іх патрабуе індывідуальнага падыходу і ўвагі, – пачынае гутарку Аляксандр Леанідавіч.
Дзень жывёлавода пачынаецца з агляду цялушак.– Неабходна пераканацца, што ўсе жывёлы здаровыя. Пасля таго, як “падапечныя” агледжаны – прыступаю да кармлення, – працягвае мужчына. – Подкідваю корм які ёсць заўсёды ў наяўнасці каля кармушак, адсочваю, каб кармавыя сталы і стойла былі чыстымі.Аляксандр Леанідавіч дзеліцца, што асаблівасць кармлення жывёлы ў гаспадарцы заключаецца ў тым, што неабходныя кампаненты дастаўляюцца да кармавых сталоў з дапамогай тэхнікі. У кормараздатчык паступаюць камбікорм, плюшчанае зерне, сенаж, кукурузны сілас, сена.– Кожны з кампанентаў мае сваё прызначэнне ў збалансаваным рацыёне, які распрацоўваецца спецыялістам гаспадаркі для забеспячэння аптымальнага росту і прадукцыйнасці жывёлы. Склад ежы прыгатаваны пры дапамозе сучасных тэхналогій. На камп’ютары ўлічваецца ўзрост кожнай групы жывёлы, і на аснове гэтых дадзеных фарміруецца збалансаваная ежа, – адзначае суразмоўца.Праца жывёлавода – гэта не толькі фізічная нагрузка, але і вялікая адказнасць. Кожны дзень яны клапоцяцца пра жыццё і здароўе жывёлы, што ў сваю чаргу ўплывае на вытворчасць і дабрабыт. Але, нягледзячы на цяжкасці, наш суразмоўца адзначае, што ад працы адчувае задавальненне, бо побач працуюць добрыя людзі.– Калектыў у нас адказны, адчуваецца падтрымка. Усе мы разумеем, што ад вытворчых вынікаў залежыць і наш дабрабыт. Калі кожны член калектыву адчувае сваю значнасць і разумее, што яго праца ўплывае на агульны вынік, тады і працэс ідзе лягчэй.Наш герой, ураджэнец Петрыкава, пасля заканчэння другой гарадской школы зразумеў, што жыццё ў горадзе не зусім адпавядае ягоным унутраным імкненням.– Я часта ездзіў у Турок, да сваёй бабулі, і адчуваў цягу да спакойнага, натуральнага ладу жыцця за межамі гарадской мітусні, – прызнаецца герой.Так, юнаком, ён пасяліўся ў сельскай мясцовасці. Сярод прыроды і спакою, зямляк не толькі знайшоў новае месца жыхарства, але і сустрэў сямейнае і бацькоўскае шчасце. Кожны дзень пасля цяжкай працы на ферме ён вяртаецца да сваіх родных – туды, дзе яго чакае радасць і надзейная падтрымка. Сям’я – гэта яго ціхі свет, які грэе нават у самыя халодныя дні. Сёння Аляксандр Жукавец жыве, працуе і радуецца кожнаму дню, натхняючы сваім прыкладам іншых.Напрыканцы сустрэчы герой аповеду адрасаваны цёплыя словы ўсім работнікам аграрнай галны:
“Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і, вядома ж, багатых ураджаяў і прывесаў! Няхай наша праца прыносіць задавальненне і адчуванне гонару за свае дасягненні”.