11 сент. 2026 г. | 13:31

Жніво – справа гонару

image

Уборка збожжавых – гэта заўсёды экзамен на трываласць і прафесіяналізм. Сёння, калі залатыя палі ўжо апусцелі, мы з асаблівай удзячнасцю ўспамінаем тых, хто ў спёку і пыл, не шкадуючы сіл, забяспечваў харчовую бяспеку краіны.

Шчыраваць на хлебнай ніве – задача няпростая, але пачэсная. Гэта, як ніхто іншы, разумее Аляксандр Карнейчык, вадзіцель ААТ “Курыцічы”, які ў гэтым сезоне папоўніў шэрагі “тысячнікаў”.

Для Аляксандра Іванавіча праца на зямлі – не проста выбар прафесіі, а лад жыцця, закладзены яшчэ ў дзяцінстве. Ён родам з Навасёлак, вырас у сям’і, дзе павага да хлеба і сельскай працы была ў крыві.

– Бацькі ўсё жыццё аддалі мясцовай гаспадарцы, Бацька працаваў вадзіцелем, таму я да тэхнікі прыглядаўся яшчэ будучы школьнікам, – успамінае мужчына. – Пасля заканчэння мясцовай школы была служба ў войску, пасля якой малады зямляк вярнуўся ў родны саўгас, каб сесці за руль. З таго часу мінула каля дваццаці гадоў, і ўвесь свой прафесійны шлях правёў за рулём велікагрузных машын.

Наш герой вядомы адказнымі і беражлівымі адносінамі да тэхнікі. Мужчына перакананы: машына адчувае стаўленне гаспадара. Ён не проста кіруе аўтамабілем, ён ведае кожны яго вузел.

– Да тэхнікі ў мяне асаблівыя адносіны, – прызнаецца суразмоўца. – Сам рамантую, аднаўляю, сачу, каб усё было спраўна. Калі ты ведаеш сваю машыну да апошняга вінціка, яна ніколі не падвядзе ў адказны момант.

Такі падыход быў заўважаны кіраўніцтвам гаспадаркі: у мінулым годзе механізатар атрымаў новенькі МАЗ, на якім і працаваў гэты сезон. Вынікі гавораць самі за сябе – на сваёй тэхніцы вадзіцель перавёз больш за паўтары тысячы тон збожжа.

Размаўляючы з земляком, я разгадала сакрэт яго поспеху. Ён крыецца не толькі ў працавітасці і адказнасці, але і ў надзейным тыле. У Аляксандра Карнейчыка моцная і дружная сям’я, якая з’яўляецца яго галоўным гонарам і апорай. Жонка, якая працуе ў Белдзяржстраху, – яго надзейнае плячо, чалавек, які заўсёды падтрымае.

Радасць у жыцці майго героя – дзеці. Дзесяцігадовая дачушка, якая зараз вучыцца ў другой гарадской школе – сапраўдная душа сям’і. А старэйшы сын, выпускнік Акадэміі МУС, – гонар бацькі.

Гледзячы на работніка ААТ “Курыцічы, разумееш: менавіта на таких працавітых і адказных людзях трымаецца наша сельская гаспадарка. Ён не шукае лёгкіх шляхоў, а проста робіць сваю справу – шчыра і сумленна.

Дзякуй вам, Аляксандр Іванавіч, і ўсім хлебаробам Петрыкаўшчыны за ваш нялёгкі, але такой неабходны кожнаму з нас працоўны подзвіг!

Источник: petrikov.by

Join our Newsletter