
Доўгі час вялікія князі літоўскія прытрымліваліся прынцыпу “Не рушыць старыны, не ўводзіць навіны”. Але каралеўскі двор, адміністрацыя і войска патрабавалі вялікіх расходаў, а дзяржаўная казна была пустая. Асабліва нізкія даходы паступалі з рускіх зямель, дзе развіццё сельскай гаспадаркі абцяжарвалі лясы і балоты. Таму вельмі нечакана для сябе сяляне асобных вёсак Глускай воласці аказаліся ўдзельнікамі грандыёзнага эканамічнага эксперыменту.
“Фальваркі хочам меці…”
Першая вядомая на беларускіх землях аграрная рэформа пачалася з 1 красавіка 1557 года, калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст падпісаў “Уставу на валокі”. Гэты вызначальны дакумент прадугледжваў стварэнне фальваркаў (уласных панскіх ці дзяржаўных гаспадарак) і пераход на новую меру вымярэння зямлі і падаткаабкладання. Сялянскія ж гаспадаркі планавалася перабудаваць, узяўшы прыклад з нямецкіх перасяленцаў, што ў Польшчы называліся “асаднікамі”.
Бабруйскае староства, у склад каторага ў той час уваходзілі вёскі Зелянковічы, Старыя і Новыя Казловічы, было адным з першых дзяржаўных уладанняў, дзе пачалося ўвядзенне валочнай памеры. Ужо ў 1560 годзе ў ім было зроблена “поравненье грунтов и постановленье платов”: ацэнена ўрадлівасць глебы і вызначаны ў залежнасці ад гэтага падаткі і павіннасці. Але сяляне яшчэ не перасяляліся ў сёлы, а заставаліся жыць на сваіх дварышчах. Грашовы падатак налічваўся ўжо з новай зямельнай меры — валокі (21,36 гектара), а натуральны падатак, як і раней, — з двара.
Паны ў сваіх глускіх уладаннях таксама не спяшаліся праводзіць валочную памеру. У інвентары 1571 года для маёнтка Глуск-Дубровіцкі княгіні Залескай павіннасці вызначаюцца дакладна, але іх кошт разлічваецца не з валокі, а ў традыцыйных адзінках: у бочках пасеянага зерня і вазах накошанага сена. У інвентары 1597 года маёнтка Глуск-Пагарэлы, які належаў у той час Палубінскім, паведамляецца аб сялянах вёсак Заполле, Залессе, Няводнікі і розных фальваркаў, якія “сядзелі на службах”. Па старому звычаю яны карысталіся зямельнымі надзеламі, памеры каторых былі не вызначаны дакладна. А за гэта выконвалі якую-небудзь службу ў панскім маёнтку (вартаўнікі лесу, возчыкі, дойліды, баброўнікі, рыбаловы, краўцы і шаўцы, кавалі, ганчары ды іншыя).
“Бабруйская ўстава”
Рашуча пераводзіць сялян на валочную памеру пачаў кароль Жыгімонт III Ваза. Для Бабруйскага староства ў 1611 годзе быў складзены спецыяльны план пад назвай “Бабруйская ўстава”. З улікам атрыманага на Бабруйшчыне вопыту пачалі пераводзіць на валочную памеру сялян іншых дзяржаўных, а потым і прыватных маёнткаў у межах Беларусі і Украіны. І калі жыхары Бабруйскага староства як першыя ў гэтай справе мелі некаторыя льготы і паслабленні, то ў астатніх беларускіх вяскоўцаў такой магчымасці ўжо не было.
Што ж было такога асаблівага ў “Бабруйскай уставе”? Выконвалася яна асцярожна, разважліва і няспешна: справа расцягнулася аж на 28 гадоў з перапынкамі на час ваенных дзеянняў. Кароль асабіста звяртаўся да сялян у сваіх лістах, растлумачваючы мэты рэформы — рост дзяржаўных даходаў і недапушчэнне незаконных пабораў з вяскоўцаў. Сялянскія скаргі каралю разглядаліся і часцяком задавальняліся. Каб людзі думалі, што яны свабодныя, у межах староства дазваляўся пераход на новае месцапражыванне і нават перасяленне ў Бабруйск. Можна было і прадаць гаспадарку таму, хто будзе выконваць павіннасці замест былога ўладальніка. Іншы раз на карысць сялян пераразмяркоўваліся ці замяняліся павіннасці. Вялікая колькасць атрыманых сенажацей давала магчымасць развіваць жывёлагадоўлю, а дазвол на паляванне — зарабляць на промыслах звяроў.
“Дали повод для непослушания…”
Але на справе не ўсё аказалася так добра, як на паперы. Лепшыя землі адным масівам адыходзілі ў фальварак — асабістую гаспадарку землеўласніка. Узамен сяляне атрымлівалі валокі зямлі рознай якасці і павінны былі за свае сродкі перасяліцца на новую гаспадарку. Гэта прывяло да ўзбуйнення вёсак, іх перапланіроўкі і ўзнікнення вулічнай забудовы. Суседская абшчына такім чынам разбуралася, сялян пераводзілі на індывідуальнае падворнае землекарыстанне. Значна выраслі былыя сялянскія павіннасці і з’явіліся новыя.
Такія ўзрушэнні сталі прычынай народных хваляванняў 1611—1613 гадоў: сяляне адмаўляліся браць валокі і псавалі іх, знішчалі межавыя знакі, у дакументах упамінаюцца і адкрытыя бунты. Жыхары вёсак Зелянковічы і Казловічы (цяперашняе Старое Сяло) знішчылі ў 1611 годзе межавыя знакі. Землямерныя работы прыйшлося выконваць нанава, справа зацягнулася аж да 1639 года. Звесткі пра злачыннае непаслушэнства глускіх сялян дайшлі нават да караля Жыгімонта III Вазы, які загадаў: “А бунтовщиков, которые волочной помере для прибылей нашей казны и чему-нибудь другому сопротивлялись и дали повод для непослушания, те же наши ревизоры должны наказывать”.
Усё могуць каралевы
Сын Жыгімонта III Вазы Уладзіслаў IV, ажаніўшыся з аўстрыйскай прынцэсай Цэцыліяй Рэнатай, аддаў ёй у 1639 годзе ва ўладанне Бабруйскае староства ў якасці шлюбнага падарунка. Прыгажосцю Цэцылія Рэната не вызначалася, затое, як сведчаць розныя крыніцы, мела дапытлівы розум, артыстычную натуру, жывы і дзейсны характар. Яна не толькі захавала льготныя ўмовы “Бабруйскай уставы” для жыхароў староства, але і пашырыла іх. Створаную каралевай прастору сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства і гандлю сучасныя прадпрымальнікі назвалі б свабоднай эканамічнай зонай.
Буйнейшым праектам Цэцыліі Рэнаты стала заснаванне паселішча, якое атрымала назву “Каралеўская Слабада”. Тут сяліліся рамеснікі, каб атрымаць “слабоды” — вызваленне ад падаткаў ці частковыя паслабленні. Тавары, якімі яны забяспечвалі ўсё староства, не саступалі па якасці еўрапейскім шэдэўрам. У 1643 годзе слабада была пераўтворана ў горад Казімір, які атрымаў сваё імя ў гонар малога каралевіча Жыгімонта Казіміра. Гораду надаваліся магдэбургскае права (права на самакіраванне) і ўласны герб: леў з мячом у лапе, які стаіць пад зоркай каля чоўна.
У Бабруйска такіх прывілеяў нават блізка не было, але росквіт новага горада быў нядоўгім. Пасля няшчаснага выпадку на паляванні памерла ў 1644 годзе Цэцылія Рэната. Праз некалькі год ад хваробы пайшоў з жыцця і яе шасцігадовы сын Жыгімонт Казімір. А Бабруйск, Казімір і Глуск былі спалены казакамі Івана Залатарэнкі ў час Трынаццацігадовай вайны ў 1655 годзе. Бабруйск і Глуск аднавіліся, а пра былы горад Казімір паклапаціцца ўжо не было каму. Толькі ў канцы XIX стагоддзя на гэтым месцы аселі перасяленцы-стараверы; зараз гэта вёска Каралёва Слабада-2, што ў Светлагорскім раёне.
Сельская абшчына: быць ці не быць
Спачатку ў Бабруйскім старостве налічвалі 32 сям’і з сябрамі — суседзямі, якія дапамагалі ў працы і мелі права на сваю частку даходаў і маёмасці. У інвентарах з 1652 года пра сябрыныя сем’і ўжо не ўпамінаецца: цяпер гаспадарку вялі сяляне-аднаасобнікі. Вясковае самакіраванне страціла сваё значэнне: грамадскія сходы людзей маглі адбывацца толькі з дазволу ўлады і пры яе ўдзеле. “Бабруйская ўстава” загадвала паведамляць аб усіх прышлых людзях, не прымаць іх да сябе і больш чым на тры дні не дазваляць ім у вёсцы затрымлівацца. Звыклае жыццё абшчыны было парушана.
Але дзяржава і паны ўбачылі, што захаванне гэтай сельскай арганізацыі можа быць для іх вельмі карысным. Да гэтай пары абшчына адказвала толькі за выкананне павіннасцей і паступленне плацяжоў, агульных для ўсіх яе ўдзельнікаў: рамонт дарог, мастоў, плата па арэндзе, ваенныя і іншыя зборы. Цяпер жа яе зрабілі адказнай і за выкананне павіннасцей кожнага з яе ўдзельнікаў. Толькі так можна было гарантаваць паступленне грошай да ўладальніка.
На новы лад
Абшчына жыла з гэтай пары пад панскай апекай: службовыя асобы назіралі, каб сялянская гаспадарка вялася спраўна, работы выконваліся ў належны тэрмін, двор і хата трымаліся ў парадку. Рабілася гэта не ад дабраты землеўласнікаў, а для таго, каб селянін спраўна падаткі плаціў і, збяднеўшы, не пакінуў зямлю без гаспадара. Калі ж такое здаралася, то пустуючыя землі абшчына павінна была прыняць на сябе, сплачваючы з іх пэўную суму грошай.
У інвентары Глускага графства за 1708 год для вёскі Балашэвічы з цяглавай валокі сялянам вызначана плаціць чыншу 22 злотых. Калі ж хто па якой-небудзь прычыне гэтага не зробіць, то павінны былі заплаціць за яго іншыя абшчыннікі: “каб княжая казна не панесла ніякай страты”. Дванаццаць з паловай свабодных валок каля Балашэвіч загадана апрацоўваць усёй воласцю да той пары, пакуль зямля не займее новых гаспадароў. Рабіць гэта сяляне павінны былі ў свой вольны час, бо ў залік паншчыны такая праца не ішла.
У XIX стагоддзі дзейнасць сельскай абшчыны нават ажывілася і пашырылася: у вёсках з’явіліся касы ўзаемадапамогі, запасныя (хлебныя) магазіны, школы, бальніцы. Грамадскі свіран для хлебнага магазіна ў Касарычах, пабудаваны сумесна жыхарамі Касарыч, Заракушы і Замасточча, забяспечваў патрэбы ўсёй Глускай воласці.
“Сябер — божы сваяк”
Узаемадапамога сялян-абшчыннікаў праяўлялася ў розных выпадках. Перш за ўсё, гэта смяротная небяспека для чалавека ці жывёлы, стыхійныя бедствы і іншыя няшчасці. А таксама сямейныя падзеі (хрэсьбіны, вяселле, хаўтуры). Такое своеасаблівае ўзаемнае страхаванне ад няшчасных выпадкаў: сягоння дапаможаш ты, заўтра не пакінуць у бядзе цябе.
Многія абшчынныя звычаі захаваліся і да нашага часу. Як зараз памятаецца, талака: цяжкую і доўгую працу рабілі разам усім па чарзе (напрыклад, бульбу капалі). Хадзілі адзін да аднаго з бондай: частавалі суседзяў і родных прадуктамі, якіх у саміх было ў дастатку. Да парадзіхі ішлі ў адведкі, прыносілі ёй пачастункі, а калі трэба было, то дапамагалі ўправіцца з хатняй працай.
Сябры ў інвентарах хоць і не ўпаміналіся, але з’ява гэта не знікла, а набыла новы сэнс. Паступова аформілася гэтак званая сябрына ў выглядзе сумеснага валодання маёмасцю, напрыклад, вуллямі пчол ці прыплодам ад падоранай на вяселле жывёлы. Сябрына засноўвалася на ўзаемнай падтрымцы і згодзе, а спрэчкі і сваркі паміж сябрамі лічыліся вялікай ганьбай. Дапамога сябру ў бядзе была святым абавязкам, адносіліся да яго лепш, чым да родзічаў: “Многа сваіх, ды чорт на іх, а сябер — божы сваяк!” І гэты закон дзядоў і прадзедаў у свядомасці сялян меў большае значэнне, чым усе юрыдычныя дакументы і загады ўлады.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту