
Восенню ў аграрыяў клопатаў не менш, чым у любы іншы час. Зараз яны адначасова занятыя на сяўбе азімых і ворыве, але ў прыярытэце застаецца ўборка кукурузы. У ліку тых, хто імкнецца ўзяць ад культуры максімум, – працаўнікі ААТ “Чалюшчавічы”.
Каб убачыць тэхналогію плюшчэння ў дзеянні, мы пабывалі на зернятоку ў Чалюшчавічах. Тут запускаецца бесперапынны працэс перапрацоўкі: магутны пагрузчык засыпае кукурузнае зерне ў прыёмны бункер плюшчылкі “Romill”, якая працуе ў звязцы з трактарам “Беларус-3022”.
За рулём – механізатар Дзмітрый Ганчар. Агрэгат акуратна плюшчыць зерне ў шматкі, разбураючы жорсткую абалонку. Прама з перапрацоўчага вузла гатовы корм пад ціскам ідзе ў палімерныя рукавы. Даўжыня аднаго – 60 метраў, у яго змяшчаецца каля 70 – 80 тон масы.Як адзначыла галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Святлана Бруяка, дадзеная герметычная ўпакоўка цалкам перакрывае доступ кіслароду, дзякуючы чаму каштоўны і пажыўны корм можа захоўвацца доўгі час.– Кукурузная маса ў палімерным рукаве становіцца прыдатнай для скармлівання жывёле пасля завяршэння працэсу ферментацыі, які звычайна доўжыцца 10–21 дзень пасля закладкі. Аднак рэкамендуецца не адкрываць яго для адбору корму раней, чым праз 3 тыдні, – распавядае Святлана Мікалаеўна.Перавага тэхналогіі заключаецца і ў якасці самога корму. Сплюшчанае зерне мае мяккую структуру шматкоў з выяўленым водарам, што стымулюе апетыт жывёл. А дзякуючы разбурэнню жорсткай абалонкі, арганізму буйной рагатай жывёлы становіцца значна лягчэй засвойваць пажыўныя рэчывы і кукурузны крухмал. Пакуль магутная плюшчылка бесперапынна працуе, мы пагаварылі з механізтарам, вядома, не адрываючы яго ад работы.Дзмітрый Ганчар з сям’і хлебаробаў: бацькі ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы і прывілі сыну любоў да зямлі і працы. Менавіта на яго плячах – адзін з ключавых участкаў восеньскай кампаніі.– У гэтым годзе перад намі стаіць задача – перапрацаваць 2500 тон плюшчанага зерня і 800 тон сухога дапрацаванага зерня. Работу па плюшчэнні кукурузы мы пачалі з 25 верасня, і тэмпы не збаўляем. Ад таго, наколькі якасна і своечасова будзе закладзены корм у рукавы, залежыць зімоўка жывёлы.
Каб увесь працэс кансервацыі прайшоў правільна, важны ўклад кожнага ўдзельніка бесперапыннага ланцужка. І ў ААТ “Чалюшчавічы” гэта разумеюць без лішніх слоў: зладжанасць, дружная праца і асабістая адказнасць за вынік дазваляюць калектыву выконваць сваю справу якасна.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
голоса
Рейтинг статьи