
Аграсядзіба «Бацькоўская спадчына» — месца незвычайнае. Тут арганічна сумяшчаюцца сучаснасць і традыцыі, гарадскі камфорт і вясковая ўтульнасць. Чым вабіць аматараў аўтэнтычнага адпачынку з усіх куткоў Беларусі гэтае месца — у нашым матэрыяле.
Яшчэ колькі гадоў таму неспрактыкаванаму турысту знайсці «Бацькоўскую спадчыну» было складана: сядзіба ўтульна размясцілася на ўзбоччы дарогі ў былы ваенны гарадок Лапічы, які зараз стаў адной з вуліц аднайменнага аграгарадка, і схавалася за высокімі дрэвамі так, што адразу і не падумаеш, што за карычневай агароджай — сапраўдная аграсядзіба. Зараз яе месцаразмяшчэнне абазначае арыгінальны драўляны ўказальнік, зроблены гаспадаром Генадзем Курачовым. Зараз ён разам з жонкай Таццянай займаецца сямейнай справай.
Трошкі гісторыі
Як расказвае Таццяна, жыццяпіс аграсядзібы пачынаецца ў канцы мінулага стагоддзя, калі бацькі Генадзя Іван і Галіна Курачовы купілі невялікі дом на беразе Свіслачы пад лецішча. Ужо дарослыя на той момант дзеці ніяк не маглі ўцяміць: навошта бацькам гэта спатрэбілася, калі ёсць добраўпарадкаваная кватэра. Як гэта часта бывае, разуменне таго, якая каштоўнасць ім дасталася, прыйшло з жыццёвым вопытам. Домік на беразе ракі, дзе можна адпачыць і сабрацца разам, — што можа быць лепш?
Паступова старая хацінка і надзел вакол яе мяняліся, і, калі ўсе планы нарэшце рэалізаваліся, Курачовы ўбачылі ў гэтым месцы не толькі ўтульнасць сямейнага гнязда, але і патэнцыял аб’екту для новага на той момант бізнес-напрамку — аграэкатурызму. Маляўнічыя краявіды, выгаднае месцазнаходжанне і галоўнае — ідэя. Абмеркавалі задумку на сямейным савеце, аформілі ўсе неабходныя дакументы і ў 2013 годзе прынялі першых пастаяльцаў. Назва для сядзібы таксама знайшлася хутка: будаўніцтва дома было пачата Іванам Цітавічам, працягнута сынам Генадзем і ўнукам Уладзіславам. Чым не спадчына?
Каб радасна было ўсім
Гасцей ветліва сустракае гаспадыня Таццяна.
— Не сакрэт, што сёння аграсядзібы ўсё часцей становяцца месцам правядзення разнастайных мерапрыемстваў, ад дзён нараджэння да вяселляў, — лічыць жанчына. — Насуперак гэтаму «Бацькоўская спадчына» дасюль застаецца гаванню для тых, хто прагне спакойнага адпачынку і цішыні. Мы знаходзімся на аддаленні ад населенага пункта, побач з ракой, дзе можна не толькі вудзіць рыбу, а і сядзець на ўзбярэжжы з кубкам гарбаты і думаць аб вечным. Пры гэтым кожны пастаялец не застанецца без звычнага камфорту. Сёння ў распараджэнні гасцей чатыры жылыя пакоі, у тым ліку асобны дзіцячы пакой, кухня і гасцёўня. Іх афармленнем у стылі кантры, уключаючы мэблю і элементы дэкору, займаліся самі.
Бавіць час у «Бацькоўскай спадчыне» выключна за слуханнем цішыні ды медытацыяй пад плёскат рачной хвалі не прыйдзецца. Сям’я Курачовых прапануе папарыцца ў лазні з дубовымі венікамі, пагуляць у більярд, настольны тэніс, палавіць рыбу, а пасля прыгатаваць улоў у альтанцы, абсталяванай грылем і мангалам у стылі рускай печкі. Сем’ям з дзецьмі таксама сумаваць не давядзецца. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць спартыўны інвентар і настольныя гульні, сучасная дзіцячая пляцоўка. У арганізацыі вольнага часу Курачовым дапамагае і Сасноўскі сельскі клуб, які прапаноўвае гасцям наведаць канцэртныя праграмы альбо паўдзельнічаць у фальклорных абрадах. Таксама з дапамогай мясцовых жыхароў на падворку размясцілася цікавая выстава старадаўняга сельскагаспадарчага інвентару і посуду.
Але апісанне ўсіх плюсаў «Бацькоўскай спадчыны» будзе няпоўным без галоўнай адметнасці — багатага асартыменту страў нацыянальнай кухні.
— На мой погляд, беларуская кухня абыякавым нікога не пакідае, — усміхаецца гаспадыня. — Нават звычныя дранікі, нескладаныя, здавалася б, для падрыхтоўкі ў хатніх умовах, знікаюць з талерак гасцей у імгненне вока. Папулярныя такія стравы, як патраўка і мачанка. Тут мяне чакала адкрыццё. Падчас размовы з адным з пастаяльцаў прыйшлі да высновы, што наша беларуская патраўка падобная да рэцэпта соуса бешамель, а мачанка — стравы агульнаеўрапейскай кухні фрыкасэ. Але пагадзіцеся: для вуха беларуса «патраўка» гучыць больш прыемна і апетытна, чым бешамель і фрыкасэ разам узятыя.
Панаехала гасцей…
— У асноўным прыязджаюць з Мінска, Магілёва, Барысава, Віцебска. Адпачывае і шмат асіпаўчан, — працягвае Таццяна. — Нягледзячы на развіццё сучасных тэхналогій і наяўнасць старонак у сацыяльных сетках і сайта, асноўную частку кліентаў да нас прыводзіць » сарафаннае радыё»: тыя, хто бываў тут, заўсёды просяць візіткі, каб перадаць сябрам і знаёмым. Падстава для асаблівага гонару — адсутнасць адмоўных водгукаў ад гасцей. А гэта, згадзіцеся, самы аб’ектыўны паказальнік якасці нашай работы.